Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

10.03.16

Конкурс сачыненняў. Шчасце жыць у мірнай краіне

Далянчук Уладзiслаў падрыхтаваў сачыненне, якое распавядае пра вайну і мір, подзвіг і звычайнае жыццё, памяць і ўдзячнасць

Калі мяне папросяць назваць дзве самыя важныя даты  апошніх дзесяцігоддзяў, я, не задумваючыся, адкажу: 9 мая і 12 красавіка. Усе здагадаліся, з якімі падзеямі ў гісторыі яны суадносяцца: День Перамогі і Дзень касманаўтыкі. Чаму менавіта гэтыя даты?

Звернемся да гісторыі.  На працягу многіх тысячагоддзяў шмат гора выпала на долю людзей зямлі нашай. Не адна вайна разбурыла і спаліла ўсё дашчэнту. Мільёны змагаліся і загінулі героямі.  Загінулі, не здрадзіўшы свайму сумленню. Гісторыя не данесла іхніх імёнаў. Вялікая Айчынная вайна 1941 -1945 г.г. яшчэ раз усім нам, і не толькі нам, стала прыкладам самаадданай барацьбы, стойкасці і мужнасці. Не было ні адной сям’і, дзе б ні аплаквалі забітага сына, брата ці  мужа. Не было ні адной сям’і, якая б ні зведала, што такое фашызм. Усе, хто ўзяў у рукі зброю і змагаўся, - героі. Героі  - не па колькасці ўзнагарод, героі – па смеласці, самаахвярнасці. Ішлі добраахвотнікамі на фронт, у партызаны не таму, што партыя загадала, а таму, што родны край, бацькі, дзеці ў небяспецы. Яны павінны бараніць сваю зямлю, як некалі баранілі іхнія дзяды і прадзеды. Пачуццё годнасці, павагі да свайго мінулага, сціпласці, адказнасці, любові да роднай зямлі перадаецца ў нас з пакалення ў пакаленне. Ніколі і нікому нельга дазволіць гэтыя пачуцці знішчыць у сабе, бо тады чалавек перастане быць чалавекам у адносінах да акружаючых.

Я паважаю сваіх продкаў за тое, што, сярод іх не было тых, за каго сёння мне было б сорамна, паважаю за тое, што, калі трэба было працаваць, яны працавалі да мазалёў; калі трэба было абараняць родную зямлю, яны бралі зброю і змагаліся; калі трэба было аднаўляць разбураную гаспадарку, яны бралі сякеру і  і зноў працавалі да мазалёў, сеялі хлеб, выхоўвалі дзяцей і, выжыўшы ў гэтым пекле, жадалі ўсім міру. І няхай нямнога ў іх узнагарод, але іхняе змаганне  навечна ўпісана ў подзвіг народа.

Iнструменты майго прадзеда Далянчука Івана Сяргеевіча

Мае карані бяруць свой пачатак на Гомельшчыне. Дзяды і прадзеды былі з сялян. Калі пачалася вайна, многія з іх пайшлі змагацца з ворагам.  Мой прадзед Далянчук Іван Сяргеевіч спачатку пайшоў змагацца ў партызаны, а ў 1944 годзе быў прызваны ў дзеючую армію. “С 26 августа 1941 г. по 9 мая 1945 г. участвовал в Великой отечественной войне  в составе:стрелкового полка орудийный номер”. Гэты запіс быў зроблены ў яго ваенным білеце, які і зараз захоўваецца ў нас. Ён быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны IIступені.  Пасля вайны ён займаўся адной з самых мірных прац: быў цесляром. У вёсцы многія дамы былі пабудаваны ім. Маючы права на льготы як ветэран вайны, ён ніколі імі не пакарыстаўся,  а  білет удзельніка вайны так і захоўваецца  ў нас без фатаграфіі.

Мой другі дзед Броўкін Уладзімір Сямёнавіч, як і бабуля Гарашчанка Валянціна Іванаўна, у 1942 годзе быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Вярнуўся дадому толькі пасля заканчэння вайны. Доўгі час працаваў бухгалтарам у сельсавеце. На жаль, здароўе было падарвана. У 47 годоў яго не стала. Два яго старэйшыя браты, Міхаіл і Васіль, ваявалі на фронце. Міхаіл прайшоў вайну ў званні гвардыі малодшага сяржанта. “В боях за г. Седлец проявил мужество и стойкость. Находясь на открытой ОП в боевых порядках конников, под артминобстрелом пр-ка бесперебойно подносил снаряды, чем способствовал нашим частям очистить город от противника”. Гэты запіс быў зроблены  12.11.1944. За гэты подзвіг ён быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалём “За баявыя заслугі”. Васіль таксама прайшоў усю вайну. Быў узнагароджаны  ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені. Міхаіл пасля вайны застаўся жыць у роднай вёсцы і быў найлепшым сталяром. Ніхто не мог лепш за яго зрабіць у хату вокны, дзверы. Міхаіл вярнуўся без нагі. Лёс яго закінуў у расійскі горад Кызыл. Там ён і пахаваны. Як успамінаюць родзічы, на радзіму ён прыязджаў усяго некалькі разоў.

Не менш давялося перажыць і бабулям. Жывучы на акупіраванай тэрыторыі, яны, як маглі, аберагалі  сваіх дзяцей. Кожны дзень пад прыцэлам аўтамата, кожны дзень гледзячы смерці ў вочы. Ім пашчасціла: дзяцей выратавалі і  дачакаліся сваіх мужоў.  Хоць радасць не ва ўсіх была доўгай.  У маёй бабулі  Вольгі  муж вярнуўся з вайны цяжка паранены. Пражыў два гады і памёр. У іх было сямёра дзяцей. Пенсію на малодшых не плацілі. Вось калі б ён загінуў на вайне… Нават фотаграфіі ад дзеда Івана не засталося.

Вышыванка маёй бабулi Гарашчанка Валянціны Іванаўны

Я ўспомніў толькі самых блізкіх мне людзей, а  былі яшчэ стрыечныя… Вось чаму лічу, што Дзень Перамогі – самая важная дата нашага календара.  Нельга сказаць, што першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі былі лёгкімі, але ўсіх  радавала тое, што дзеці не плачуць ад выбухаў снарадаў, блакітнае неба не засцілае чорны дым. Яны сціпла жылі, не патрабуючы сабе ўзнагарод і льгот. Тыя, хто дажылі да нашых дзён, і зараз так жывуць. Мабыць, і думаюць аб тым жа: толькі б унукам і праўнукам жылося лепш. Сорамна бывае за тое,  што ўспамінаем пра ветэранаў толькі ў святочны дзень. А гледзячы на іх, хочацца запытацца: адкуль у вас столькі стойкасці, адкуль у вас было столькі ўпэўненасці ў дзень заўтрашні? Чаму нам часта гэтага не хапае?

Мы жывём у XXI веку. Ён толькі пачаўся, а трывога за будучае нарастае. Страшна, калі тая бітва не стала ўрокам. Страшна за тое, што памяць у нас кароткая.

А чаму яшчэ 12 красавіка? Увесь шлях развіцця чалавецтва змясціўся ў адной падзеі – чалавек паляцеў у космас! Паляцеў праз два дзесяцігоддзі пасля заканчэння вайны. Раўназначнай гістарычнай  падзеі ў нас няма. І гэта добра: для таго, каб зведаць свет, патрэбен мір. Мне хочацца верыць, што людзі зразумеюць: “мірны космас”, “мірны атам” гучыць значна прыгажэй, чым “халодная вайна”, “халодны мір”.

Далянчук Уладзiслаў Iванавiч

Карысныя спасылкі:

Раздзелы сайта